Беларуская Служба

Пентагон сочыць за расійскімі войскамі на мяжы з Украінай

18.11.2021 09:38
Міністр абароны ЗША Лойд Осцін заявіў, што ЗША ўважліва сочаць за перамяшчэннем расійскіх войск уздоўж мяжы з Украінай.
Ілюстрацыйны здымакEPA/JIM LO SCALZO Dostawca: PAP/EPA

Кіраўнік Пентагона заклікаў Расію быць больш празрыстай у сваіх дзеяннях. Расія працягвае канцэнтраваць свае сілы ўздоўж мяжы з паўднёвым суседам.

Падчас прэс-канферэнцыі ў Пентагоне Лойд Осцін выказаў глыбокую заклапочанасць дзеяннямі Расіі, у тым ліку канцэнтрацыяй войск на мяжы з Украінай.

«Праўда ў тым, што мы не ўпэўненыя, што плануе спадар Пуцін, але гэтыя крокі, несумненна, прыцягваюць нашу ўвагу», — сказаў кіраўнік Пентагона.

Ён дадаў, што ЗША ўважліва сочаць за перамяшчэннем расійскіх войск і запэўніў, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце з еўрапейскім камандаваннем амерыканскіх войск.

«Наша падтрымка суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны застаецца непахіснай», — сказаў міністр. Ён таксама раскрытыкаваў Расію за правядзенне ў панядзелак выпрабаванняў супраць спадарожнікавай ракеты. «Гэта падрывае стратэгічную стабільнасць, а воблака смецця, якое заўсёды будзе на арбіце, з'яўляецца праблемай бяспекі», — сказаў Лойд Осцін.

Учора дарадца прэзідэнта Джо Байдэна па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван правёў тэлефонную размову з кіраўніком Савета бяспекі РФ Мікалаем Петрушавым. Па словах Белага дома, гутарка была «шчырай і канструктыўнай».

юл